У ліпені 1998 г. на тэрыторыі Расонскага р-на сіламі выкладчыкаў і студэнтаў гісторыка-філалагічнага факультэта ПДУ была праведзена стацыянарная археалагічна-этнаграфічная экспедыцыя (кіраўнік У.А. Лобач).
Геаграфія экспедыцыі
Палявымі даследаваннямі былі ахоплены наступныя населеныя пункты: вв. Азёрная (Папова Лука), Бухава, Грышына, Дубовікі, Дудкі, Забор’е, Локці, Мамолі, Межычосьце, Мурагі, Ніўе, Ножніцы, Паддуб’е, Перавоз, Старына, Хоцькава, Шалубова, Шнітаўка, Шылава, Шэрэтава.
Прадметная поле даследаванняў і вынікі
Пад час правядзення экспедыцыі быў зафіксаваны значны аб’ём матэрыялаў па сямейных і каляндарных рытуалах вясковага насельніцтва рэгіёна, уключна з абрадавым песенным фальклорам, інфармацыя па сакральнай і легендарнай геаграфіі (культавая крыніца “Марозаў ключ” ля в. Забор’е, Рагнедзіна гара і “Царкавішча” ля в. Перавоз), звесткі пра народную медыцыну, знахарскія практыкі, чарадзейства і традыцыйную матэрыяльную культуру раёна, а таксама ўспаміны мясцовага насельніцтва пра перыяд нацыскай акупацыі 1941-1944 гг.
Вынікамі археалагічных даследаванняў мікрарэгіёна стала даследаванне і апісанне курганнай групы ля в. Перавоз, выяўленне гарадзішча днепра-дзвінскай культуры ля в. Мамолі і правядзенне разведачных шурфовак на ім.
Маршрутная экспедыцыя з мэтай даследавання “Чортава каменя” (в. Мнюта Глыбоцкага р-на) і фальклорных наратываў, з ім звязаных, была праведзена ў маі 1998 г.