Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

6 лютага ў Навуковай бібліятэцы Полоцкага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася сустрэча з Навумам Гальпяровічам: журналістам, паэтам, галоўным дырэктарам міжнароднага радыё «Беларусь». Гэтае імя добра вядома ў Полацкім рэгіёне, Навум Якаўлевіч – ганаровы грамадзянін Полацка і Наваполацка. Яго голас ведае амаль уся рэспубліка, таму што ён вось ужо трыццаць з лішнім год гучыць на хвалях Беларускага радыё, яго вершы і апавяданні добра знаёмыя многім аматарам літаратуры.

Сустрэча з Навумам Гальпяровічам

Сустрэча адразу ўзяла патрыятычны напрамак: госць распавёў аб беларускай мове, малой Радзіме, выхаванні маладога пакалення. Паведаміў, як перадае свой вопыт маленькаму ўнуку і сваім студэнтам (Навум Якаўлевіч выкладае ў Інстытуце журналістыкі БДУ на кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры). Многія навучэнцы працягваюць працу Навума Гальпяровіча, і нават студэнты з Кітая прыходзяць працаваць на міжнароднае радыё «Беларусь», каб распавядаць пра нашу краіну кітайскім слухачам.

Госцi сустрэчы з Навумам Гальпяровічам

Аўтар адзначыў: «Пашчасціла нарадзіцца ў, бадай, самым знакамітым горадзе краіны, а дзяцінства і юнацтва правесці паміж дзвюма святынямі — Сафійскім саборам (вежы якога ён упершыню ўбачыў праз акно радзільні) і Спаса-Праабражэнскай царквой, паблізу якой стала бацькоўская хата».

Навум Гальпяровіч

Паведаміў і пра свой паэтычны дэбют, які адбыўся ў 1967 годзе, калі Навум Якаўлевіч працаваў яшчэ грузчыкам на заводзе «Шкловалакно». У наваполацкай газеце «Хімік» была апублікавана вялікая падборка яго вершаў   на рускай мове. Потым была праца ў Полацкай раённай газеце «Сцяг камунізму», на заводзе «Палімір», на Беларускім радыё, у часопісе «Вожык», Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

Гальпяровіч Н., Каваленка П. В., Бабенка Э. М.

У сваёй размове Навум Гальпяровіч з уласцівым яму тонкім гумарам цікава распавёў і пра тое, як ім ствараюцца радыёпраекты і радыёблогі на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, і пра шматлікія рэйтынгі, і пра густ слухача, які іх фармуе, і пра сваю працу ў якасці выкладчыка беларускай мовы ў Полацкім дзяржаўным універсітэце калісьці ў 90-х….

Адказваючы на пытанні публікі, госцем закрануліся тэмы беларускага студэнцтва і вечная тэма: пазіцыя грамадзяніна і паэта сёння ў Беларусі.

Падчас сустрэчы паэт прэзентаваў і падараваў Навуковай бібліятэцы новы зборнік вершаў «Час лістападу», які выйшаў у выдавецтве «Чатыры чвэрці» да 70-гадовага юбілею Навума Гальпяровіча. У кнігу аўтар уключыў як свае ранейшыя творы, так і напісаныя ў нядаўні час. Гэта свайго роду духоўная аўтабіяграфія, паэтычная справаздача аб зробленым у беларускай літаратуры за палову стагоддзя.

Зборнік вершаў «Час лістападу»

Навум Гальпяровіч працуе і ў жанры прозы. У бягучым годзе кніга празаічных твораў будзе выдадзена ў выдавецтве «Мастацкая літаратура».

У бібліятэцы ўніверсітэта есць шмат публікацый і твораў Навума Гальпяровіча, яго творчы  шлях  можна разглядаць як прыклад станаўлення паэта-грамадзяніна на карысць сваёй Радзіме.

Стэнд з кнігамi Навума Гальпяровіча

На памяць аб сустрэчы дырэктар Навуковай бібліятэкі Марына Шуханкова падаравала Навуму Гальпяровічу некалькі свежых нумароў альманаха Полацкага універсітэта «Литературный ОбъектИФФ» , які створаны намаганнямі актыўных і таленавітых студэнтаў і выкладчыкаў – філолагаў, дзе размешчаны іх асабістыя літаратурныя творы розных жанраў, а таксама калаж з фотаздымкаў, на якіх Навум Гальпяровіч у 70-х гадах мінулага стагоддзя прымае ўдзел у літаратурнай вечарыне ў бібліятэцы Наваполацкага палітэхнічнага інстытута.

Марына Шуханкова i Навум Гальпяровіч

Марына Шуханкова - дырэктар навуковай бібліятэкі ПДУ