Полоцкий государственный университет

Полацкі
дзяржаўны
ўніверсітэт

14 красавіка 2016 г. ў Полацкім дзяржаўным універсітэце адбыўся сумесны канцэрт фальклорных калектываў «Плескава» і «Варган». Культурнае мерапрыемства было прымеркавана да ІІІ Міжнароднай канферэнцыі «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў» і прайшло ў Полацкім калегіуме. Фальклорны гурт «Варган» выконвае песні з розных рэгіёнаў Беларусі – Палесся, Цэнтральнай Беларусі, Падняпроў’я і Пасожжа, Панямоння. Асаблівае месца ў рэпертуары займаюць песні Беларускага Падзвіння, запісаныя ўдзельнікамі гурта ў этнаграфічных экспедыцыях. Стваральнікам і кіраўніком калектыва з’яўляецца дацэнт кафедры гісторыі і турызму Вольга Антонаўна Емяльянчык.

Фальклорны гурт «Варган»

Сумесны канцэрт фальклорных калектываў «Плескава» і «Варган»

Фальклорны калектыў Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта «Плескава» таксама вывучае сваю рэгіянальную спеўную традыцыю. Гурт уключае ў свой рэпертуар не толькі матэрыялы з апублікаваных фонаархіваў, але і песні з уласных экспедыцыйных запісаў. Аснову рэпертуара ансамбля складаюць аўтэнтычныя фальклорныя песні Пскоўшчыны, у прыватнасці, старажытныя песні гадавога земляробчага кола. Ідэя запрасіць студэнцкі фальклорны гурт Пскоўскага дзяржаўнага універсітэта належыць дацэнту кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіміру Аляксандравічу Лобачу, які меў супольны даследчыцкі праект са Псковам. Будзем спадзявацца, што супольная праграма фальклорных калектываў «Варган» з Полацкага і «Плескава» з Пскоўскага ўніверсітэтаў стане пачаткам плённага супрацоўніцтва і культурнага ўзаемаабмена.

Фальклорны калектыў Пскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта «Плескава»

Дацэнт кафедры гісторыі і турызму, кандыдат біялагічных навук
Вольга Антонаўна Емяльянчык